«Ад лучыны да лямпачкі» — пад такой назвай сёння, 10 снежня, у Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі адкрылася выстава, якая дазваляе прасачыць гісторыю станаўлення важнага і неабходнага ў побыце прадмета — лямпачкі.
Навуковы супрацоўнік музея Марыя Уладзіміраўна Беленава распавяла пра самае першае вынаходніцтва чалавецтва — лучыну, з дапамогай якой нашы продкі асвятлялі жыллё, а таксама пра факелы, алейныя і газавыя лямпы. Таксама на адкрыцці прагучалі цікавыя факты з гісторыі, у дадатак да якіх госці маглі пазнаёміцца з прадметамі былых часоў, якія цяперашняе пакаленне ўбачыць толькі на старонках кніг …
Пра вынаходніцтва сучасных светладыёдных лямпаў, іх карысць і энергаёмістасць распавёў начальнік гаспадарчай групы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Сяргей Уладзіміравіч Балабановіч.
Акрамя рэдкіх экспанатаў, на выставе «Ад лучыны да лямпачкі» можна ўбачыць вядомыя плакаты савецкіх часоў, якія заклікаюць задумацца аб энергазберажэнні.
Вікторыя Касцюк. Фота аўтара