15 САКАВІКА — ДЗЕНЬ КАНСТЫТУЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Сёння Беларусь адзначае Дзень Канстытуцыі. 15 сакавіка 1994 года быў прыняты Асноўны закон краіны, згодна з якім Беларусь аб’яўлена ўнітарнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавай.
Гэта найвышэйшы закон, якім замацаваны прынцып вяршынства права. Дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у рамках Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства. Забеспячэнне правоў і свабодаў грамадзян Рэспублікі Беларусь ёсць найвышэйшай мэтай дзяржавы.
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь усталёўвае адказнасць дзяржавы перад грамадзянінам за стварэнне ўмоваў для свабоднага і годнага развіцця асобы, а таксама адказнасць грамадзяніна перад дзяржавай за няўхільнае выкананне абавязкаў, ускладзеных на яго Канстытуцыяй.
Канстытуцыя гарантуе грамадзянам Рэспублікі Беларусь права на ахову здароўя, у тым ліку бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя. Асноўным Законам гарантуецца таксама бясплатная агульная сярэдняя, прафесійна-тэхнічная адукацыя. Сярэдняя спецыяльная і вышэйшая адукацыя даступная для ўсіх у адпаведнасці са здольнасцямі кожнага. Грамадзяне маюць права на сацыяльнае забеспячэнне ў пенсійным узросце, у выпадку хваробы, інваліднасці і ў іншых выпадках, прадугледжаных законам. Канстытуцыя замацоўвае права кожнага грамадзяніна на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабодаў.

Обсуждение закрыто.