У Карэліцкім маладзёжным цэнтры культуры праведзена тэматычная святочная праграма «Старонкі нашай гісторыі» з нагоды Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі

4 лістапада, напярэдадні Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі, у Карэліцкім маладзёжным цэнтры культуры ўвазе наведвальнікаў была прадстаўлена   тэматычная святочная праграма «Старонкі нашай гісторыі». У фае ўстановы культуры карэліччан чакалі дзве выставы, якія не маглі пакінуць абыякавымі. «Па старонках Кастрычніцкай рэвалюцыі» — такую назву мела кніжна-ілюстраваная выстава, якую прадставіла дырэктар дзяржаўнай установы культуры «Карэліцкая раённая бібліятэка» Лілія Арцюх. «Тут кнігі пра Уладзіміра Ільіча Леніна, рэвалюцыянера, лідара партыі бальшавікоў, чалавека, які арганізаваў і ўзначаліў сацыялістычную рэвалюцыю і стварыў сацыялістычную дзяржаву. Таксама прадстаўлена навукова-публіцыстычная літаратура аб тых падзеях, якія праходзілі напярэдадні і пасля Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі», — адзначыла Лілія Канстанцінаўна і запрасіла ўдзельнікаў мерапрыемства прыходзіць у бібліятэку, дзе яны знойдуць шмат цікавых звестак на гістарычную тэму.

 

Дырэктар установы культуры «Карэліцкі раённы краязнаўчы музей» Ларыса Кузьміч цікава і змястоўна паведала пра экспанаты, якія былі прадстаўлены на выставе пад назвай «Назад у СССР». Сапраўды, гэты інтэр’ер для многіх удзельнікаў сустрэчы нагадаў пра маладосць і юнацкія гады. На выставе былі прадстаўлены лямпавы тэлевізар, гадзіннік, радыёкропка, шклянка, ранец, этажэрка з кнігамі. Настальгіяй па мінулым часе прамоўца назвала школьную форму з піянерскім гальштукам, а што датычыць перыядычных выданняў тых часоў, да прыкладу газеты «Звязда», удзельнікі сустрэчы маглі з ёй азнаёміцца.

Тэматычная святочная праграма прадоўжылася ў актавай зале ўстановы культуры. Зрабіць экскурс у той далёкі час дапамог старшы навуковы супрацоўнік установы культуры «Карэліцкі раённы краязнаўчы музей» Аляксей Караян. «Дзень, які змяніў усё жыццё» — тэма выступлення, у якім прамоўца паведаў пра падзеі 7 лістапада, з нагоды чаго і ладзілася гэтая сустрэча. Яшчэ адным экскурсам у гісторыю паслужыў і фільм, і гледачы, дзякуючы стужцы, змаглі атрымаць звесткі на гістарычную тэму. Вялікі экран яшчэ раз вярнуў ва ўспамінах назад, у СССР, калі многія з прысутных у зале шмат гадоў таму наведвалі клубныя ўстановы ці кінатэатры, дзе дэманстраваліся розныя фільмы.

Яшчэ адной цудоўнай адметнасцю тэматычнай святочнай праграмы з’яўляюцца мелодыі, якія падарылі работнікі культуры раёна. Кожная кранала па-свойму, як імкненні выканаўцаў падарыць слухачам добры настрой. Не маглі пакінуць раўнадушнымі песні аб Радзіме і песні далёкіх часоў, якія ўскалыхнулі да глыбіні душы.

 

МЕРКАВАННІ

Марыя БЕЛЕНАВА,

Сакратар Карэліцкай раённай арганізацыі

Камуністычнай партыі Беларусі:

— Для мяне Кастрычніцкая рэвалюцыя была і застаецца найвялікшай падзеяй ХХ стагоддзя. Яна дала штуршок нацыянальна-вызваленчаму руху, а таксама — права на працу, бясплатную адукацыю, медыцыну. Гэтымі сацыяльнымі дабротамі мы сёння і карыстаемся.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Сяргея СТОЛЯРА  

Обсуждение закрыто.