17 верасня 1939 года – адна з ключавых дат у беларускай гісторыі. У гэты дзень пачалося ўз’яднанне нашага народа. Падзеі той восені дагэтуль бударажаць розумы інтэлектуалаў. Але факт застаецца фактам: мы, беларусы, адна вялікая сям’я, якая жыве ў сваёй краіне, і цікава, што думаюць пра гэта карэліччане?
Юрый Юрчык, намеснік старшыні савета працоўнай моладзі Карэліцкага раёна:
– Тэрытарыяльная цэласнасць незалежнай Рэспублікі Беларусь, нацыянальнае адзінства нашага народа абапіраюцца на лёсавызначальныя гістарычныя рашэнні, прынятыя 85 гадоў таму. Будаўніцтва сапраўды сацыяльна-арыентаванай дзяржавы магчыма толькі ў кансалідаваным грамадстве.
У XXI стагоддзі нас не зламалі ні пандэмія, ні спроба зладзіць “каляровы мяцеж”, ні рабаўніцкія санкцыі калектыўнага Захаду. Не зламалі, бо мы былі разам.
На маю думку, умовамі захавання адзінства грамадства і дзяржавы з’яўляюцца патрыятызм, павага і шанаванне дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, гатоўнасць годна выканаць воінскі абавязак, абараняць незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць і канстытуцыйны лад нашай краіны, быць прыхільным да традыцыйных каштоўнасцяў беларускага грамадства, не прымаць любыя формы нацыянальнай і рэлігійнай дыскрымінацыі.
Мы ўсе адзіныя ў сваім імкненні жыць на сваёй зямлі сваім розумам і працай. Падрастаючае пакаленне, моладзь, ветэраны і ўсе неабыякавыя грамадзяне нашай краіны напярэдадні гэтага маладога і такога важнага дзяржаўнага свята становяцца ўдзельнікамі патрыятычных акцый, дыялогавых пляцовак пад лозунгам “Беларусь адзіная”. Усе гэтыя мерапрыемствы не толькі даніна павагі гераічным і трагічным старонкам нашай гісторыі, выхаванне патрыятычных пачуццяў і грамадзянскай пазіцыі, умацаванне нацыянальнай самасвядомасці, але і значны фактар яднання ўсяго беларускага народа.
Калі мы гаворым пра адзінства народа, яно стала вырашальным фактарам перамогі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У тыя гады наш народ не проста праявіў свае лепшыя якасці і масавы гераізм у вызваленчай барацьбе, а па сутнасці абараніў права на існаванне. І менавіта адзінства савецкага народа дазволіла пераадолець усе нягоды і пазбаўленні, дапамагло пераадолець цяжкасці пасляваеннага перыяду, пабудаваць моцную дзяржаву. Сёння адзінства дазваляе адстойваць нацыянальныя інтарэсы, тэрытарыяльную цэласнасць і забяспечвае стабільнасць развіцця грамадства і дзяржавы.
Вось чаму для нас Дзень народнага адзінства – сімвал салідарнасці, патрыятызму і сілы нацыі. Мы свята шануем усіх тых, хто самааддана адстойваў права беларусаў “людзьмі звацца”.
Валянціна Марцюшава, ганаровы ветэран Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў:
– Дзень народнага адзінства – свята, якое служыць яшчэ адным напамінам аб самадастатковасці беларускай нацыі і дзяржаўнасці, фарміруе пачуццё датычнасці да краіны і лёсу кожнага грамадзяніна. 17 верасня 1939 года Заходняя Беларусь была далучана да БССР. Гэта мела лёсавызначальнае значэнне для ўсяго беларускага народа: быў пакладзены пачатак аднаўленню адзінства, якога былі пазбаўлены жыхары краіны амаль на працягу двух дзесяцігоддзяў. Мае бацькі актыўна ўдзельнічалі ў падпольнай рабоце. Мы, дзеці, з маленства ведалі пра тыя бясчынствы, якія здзяйсняліся польскімі ўладамі на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Польскія акупанты праводзілі жорсткі курс на апалячванне насельніцтва: зачыняліся беларускамоўныя школы, усё справаводства вялося на польскай мове, ды і ўвогуле, нішчылася і сціралася наша нацыянальная самабытнасць і культура. Заходняя Беларусь лічылася сыравінным, аграрным і прамысловым прыдаткам Польшчы, а інтарэсы беларускага насельніцтва ніяк не браліся пад увагу. Таму значная частка людзей, а большасць з іх былі сялянамі-беднякамі, была рада з’яўленню Чырвонай Арміі ў 1939 годзе. Сапраўдныя патрыёты Радзімы не мірыліся з прыгнётам, яны змагаліся за сваю самабытнасць і незалежнасць. Уз’яднанне Беларусі было радаснай падзеяй, вельмі важным актам гістарычнай справядлівасці, які дазволіў нашаму народу ў далейшым паспяхова развівацца ў складзе адзінай дзяржавы БССР, а ў далейшым і Рэспублікі Беларусь.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара і з архіва газеты “Полымя”