Краязнаўчы каляндар на 2025 год падрыхтаваны на аснове “Спісаў знакамітых людзей Карэліцкага раёна”, дадзеных архіва Карэліцкага ЗАГСа, краязнаўчай картатэкі Карэліцкай раённай бібліятэкі, фонда Карэліцкага раённага краязнаўчага музея і іншых крыніц.
Адбор юбілейных дат рабіўся ў адпаведнасці са значнасцю для гісторыі, эканомікі і культуры краю.
У 2025 годзе спаўняецца:
630 гадоў з часу першага ўпамінання ў пісьмовых крыніцах г.п. Карэлічы, цэнтра раёна (1395 г.).
630 гадоў з часу першага ўпамінання ў пісьмовых крыніцах г.п. Мір Карэліцкага раёна (1395 г. ці 1434 г.).
445 гадоў з дня нараджэння Маскевіча Самуіла Іванавіча (1580 г., в. Сэрвач Карэліцкага раёна – 1642 г.), пісьменніка-мемуарыста, грамадскага і ваеннага дзеяча ВКЛ. У 1617-1618 гг. – дэпутат трыбунальнага суда ад Навагрудскага павета. Пасля 1632-1638 гг. – навагрудскі падваявода.
400 гадоў з дня нараджэння Маскевіча Багуслава Казіміра (1625 г., в. Сэрвач Карэліцкага раёна – 1683 г.), беларускага грамадскага дзеяча, пісьменніка-мемуарыста. Адукацыю атрымаў у Навагрудку.
130 гадоў з дня нараджэння Логіна Язэпа Калістратавіча (1895 г., в. Моладава Карэліцкага раёна – 1931 г.), беларускага фалькларыста, збіральніка твораў народнай паэзіі, беларускіх народных песень. Скончыў Навагрудскае павятовае вучылішча.
120 гадоў таму назад на Карэліччыне адбываліся масавыя сялянскія выступленні (1905–1907 гг.).
85 гадоў з часу заснавання Карэліцкай раённай бальніцы (1940 г.).
80 гадоў з часу заснавання Мірскай гарпасялковай бібліятэкі структурнага падраздзялення ДУК “Карэліцкая раённая бібліятэка” (1945 г.).
230 гадоў таму (1795 г.) Карэлічы ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай увайшлі ў склад Расійскай імперыі.
Студзень
01.01. – 80 гадоў з дня нараджэння Іпатавай Вольгі Міхайлаўны (нар. у 1945 г., г.п. Мір Карэліцкага раёна), беларускай пісьменніцы (празаік, паэтка, драматург, літаратурны крытык, публіцыст, перакладчык), грамадскага дзеяча, кавалера ордэна “Знак Пашаны”. У 1965-1968 гг. працавала ў Гродзенскім гаркаме ЛКСМБ. У 1968-1970 гг. – рэдактар Гродзенскай абласной студыі тэлебачання.
12.01. – 80 гадоў з дня нараджэння Башко Пятра Кузьміча (1945 г., в. Некрашэвічы Карэліцкага раёна – 1993 г.), беларускага гісторыка.
12.01. – 115 гадоў з дня нараджэння Калошы Вольгі Лукінічны (1910 г., г. Адэса – 2000 г.). Жыла і працавала ў в. Лукі Карэліцкага раёна. Перадавік сельскагаспадарчай вытворчасці, Герой Сацыялістычнай Працы (1965 г.). З 1948 г. палявод калгаса “Сцяг Леніна”, у 1954-1969 гг. звеннявая льнаводчага звяна. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 6-га склікання. Узнагароджана ордэнам Леніна.
21.01. – 85 гадоў з дня нараджэння Драко Аляксандра Уладзіміравіча (нар. у 1940 г., в. Застадолле Карэліцкага раёна), беларускага юрыста. Служыў саветнікам у Афганістане. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
Люты
10.02. – 85 гадоў з дня нараджэння Вадап’янава Паўла Аляксандравіча (нар. у 1940 г., в. Паланая Карэліцкага раёна), беларускага філосафа, эколага, члена-карэспандэнта НАН Беларусі, доктара філасофскіх навук, прафесара, выдатніка адукацыі Беларусі, лаўрэата прэміі акадэміі навук Украіны, Беларусі і Малдовы (1996 г.).
15.02. – 125 гадоў з дня нараджэння Вільчыцкага Алеся (Аляксандр Сцяпанавіч) (1900 г., г.п. Мір Карэліцкага раёна – 1938 г.), беларускага дзеяча культуры, педагога, рэдактара газеты “Беларуская справа” (Вільня, 1926 г.).
27.02. – 65 гадоў з дня нараджэння Петрушкевіч Алы Мікалаеўны (псеўд. Альжбета Кеда) (нар. у 1960 г., в. Шчонава Карэліцкага раёна), беларускай пісьменніцы, літаратуразнаўца, крытыка, педагога, лаўрэата прэміі імя А.І. Дубко Гродзенскага аблвыканкама “За творчыя дасягненні ў галіне літаратуры і мастацтва” ў намінацыі “Пісьменнік года” (1999 г.). Настаўнічала ў Карэліцкім і Шчучынскім раёнах. З 1992 г. працавала ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я. Купалы.
Сакавік
08.03. – 115 гадоў з дня нараджэння Конюха Пятра Васільевіча (нар. у 1910 г., в. Турэц Карэліцкага раёна – 1994 г.), беларускага опернага спевака (бас), музычнага педагога, дзеяча эміграцыі.
08.03. – 95 гадоў з дня нараджэння Карповіч Марыі Мікалаеўны (1930 г., в. Палужжа Карэліцкага раёна – 2017 г.), работніка сельскай гаспадаркі, Героя Сацыялістычнай Працы (1966 г.). У 1955-1986 гг. – галоўны аграном калгаса “Звязда” Навагрудскага раёна. Узнагароджана ордэнам Леніна.
Красавік
06.04. – 115 гадоў з дня нараджэння Кіта Барыса Уладзіміравіча (1910 – 2018 гг.), вучонага ў галіне астранаўтыкі, матэматыка, фізіка, хіміка, акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, удзельніка нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, дзеяча беларускай эміграцыі ў ЗША. З 1918 г. жыў у в. Агароднікі Карэліцкага раёна. Скончыў народную школу ў Карэлічах, Навагрудскую беларускую гімназію, у якой з 1939 г. працаваў дырэктарам. Арганізаваў шэраг беларускіх школ у Заходняй Беларусі.
09.04. – 75 гадоў з дня нараджэння Громака Валерыя Іванавіча (нар. у 1950 г., г.п. Мір Карэліцкага раёна), беларускага матэматыка, доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара.
Май
17.05. – 130 гадоў з дня нараджэння Адлера Шауля Аарона (нар. у 1895 г., г.п. Карэлічы – 1966 г.), ізраільскага вучонага ў галіне паразіталогіі і трапічнай медыцыны, прафесара, кавалера ордэна Брытанскай імперыі. З 1928 г. працаваў прафесарам і дырэктарам Інстытута паразіталогіі пры Яўрэйскім універсітэце ў Іерусаліме.
27.05. – 125 гадоў з дня нараджэння Жылкі Уладзіміра Адамавіча (1900 г., в. Макашы Нясвіжскага раёна, Мінскай вобласці – 1933 г.), беларускага паэта, перакладчыка, крытыка, публіцыста. У 1914 г. скончыў гарадское вучылішча ў г.п. Мір Карэліцкага раёна.
Чэрвень
05.06. – 155 гадоў з дня нараджэння Лазінскага Зыгмунта (1870 г., в. Барацін Карэліцкага раёна – 1932 г.), польскага і беларускага грамадска-культурнага дзеяча, рымска-каталіцкага царкоўнага дзеяча, біскупа Мінскага і Пінскага.
25.06. – 145 гадоў з дня нараджэння Барысевіча Аляксея Іванавіча (1880 г., в. Саленікі Карэліцкага раёна – 1953 г.), беларускага вынаходніка-самавука, які ўдзельнічаў у вырабе першых (залатых) зорак Крамля ў Маскве, стаханаўца, Героя Працы (1934 г.). Працаваў у Цэнтральным аэрагідрадынамічным інстытуце імя М.Я. Жукоўскага ў Маскве.
Ліпень
11.07. – 100 гадоў з дня нараджэння Богуша Андрэя Аляксандравіча (нар. у 1925 г., г.п. Карэлічы – 2009 г.), беларускага вучонага ў галіне тэарэтычнай фізікі, члена-карэспандэнта НАН Беларусі, доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР.
Жнівень
01.08. – 95 гадоў з дня нараджэння Кур’янкі Мікалая Іванавіча (нар. у 1930 г., в. Турэц Карэліцкага раёна), беларускага лінгвіста, псіхолага, педагога.
13.08. – 90 гадоў з дня нараджэння Забаўскага Міхаіла Цімафеевіча (нар. у 1935 г., в. Турэц Карэліцкага раёна), беларускага вучонага ў галіне тэхналогіі машынабудавання, Заслужанага работніка прамысловасці Беларусі.
17.08. – 70 гадоў з дня нараджэння Яцэвіча Мікалая Аляксандравіча (нар. у 1955 г., в. Сімакава Карэліцкага раёна), беларускага бібліятэказнаўца, педагога.
25.08. – 80 гадоў з дня нараджэння Рахманько Яўгена Міхайлавіча (нар. у 1945 г., в. Заполле Карэліцкага раёна – 2018 г.), беларускага хіміка-аналітыка, доктара хімічных навук, прафесара.
Верасень
14.09. – 90 гадоў з дня нараджэння беларускага вучонага ў галіне будаўніцтва аўтамабільных дарог, прамысловага транспарту, доктара тэхнічных навук, прафесара, Заслужанага работніка адукацыі Беларусі Вырко Мікалая Паўлавіча (нар. у 1935 г., в. Краснае Карэліцкага раёна – 2018 г.).
15.09. – 95 гадоў з дня нараджэння Богуша Аляксандра Уладзіміравіча (1930 г., в. Вялікая Мядзвядка Карэліцкага раёна – 2018 г.), беларускага журналіста, краязнаўца, Заслужанага работніка культуры Беларусі. У 1964-1969 гг. працаваў рэдактарам Лідскай раённай газеты “Уперад”. З 1971 г. – галоўным рэдактарам абласной газеты “Гродзенская праўда”. Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам “Знак Пашаны”.
17.09. – 105 гадоў з дня нараджэння Крамко Яўгена Ігнатавіча (нар. у 1920 г., в. Беражна Карэліцкага раёна – 1999 г.), беларускага пісьменніка (празаік, публіцыст).
30.09. – 85 гадоў з дня нараджэння Бусько Міколы (Мікалай Іосіфавіч; нар. у 1940 г., в. Пагарэлка Карэліцкага раёна – 2023 г.), беларускага пісьменніка (паэт, публіцыст, перакладчык), мастака, краязнаўца, лаўрэата літаратурнай прэміі імя У. Калесніка (2013). Скончыў СШ у в. Турэц.
Кастрычнік
20.10. – 120 гадоў з дня нараджэння Кучынскага Эдуарда (нар. у 1905 г., в. Варонча Карэліцкага раёна – 1958 г.), беларускага і польскага мастака-графіка, мастацкага педагога.
25.10. – 100 гадоў з дня нараджэння Мірачыцкага Льва Паўлавіча (нар. у 1925 г., в. Баяры Карэліцкага раёна – 2002 г.), беларускага гісторыка-славіста, культуролага, публіцыста, літаратара.
Лістапад
25.11. – 85 гадоў з часу ўтварэння Карэліцкага раёна (1940 г.).
28.11. – 105 гадоў з дня нараджэння Карачан Евы Раманаўны (нар. у 1920 г., в. Вірышча Карэліцкага раёна – 2000 г.), работніка сельскай гаспадаркі, ільнавода, Героя Сацыялістычнай Працы (1958 г.). У 1947-1976 гг. працавала ў калгасе “Новае жыццё” Карэліцкага раёна. Узнагароджана ордэнам Леніна, ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Снежань
320 гадоў назад Пётр I наведаў Карэлічы (21 снежня 1705 г.).
25 гадоў з часу ўключэння “Замкавага комплексу “Мір” у Спіс Сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА (2000 г.).