З 5 па 27 ліпеня 1944 года праходзіла Беластоцкая франтавая наступальная аперацыя. Яна з’яўлялася складаючай часткай Беларускай стратэгічнай наступальнай аперацыі пад кодавай назвай “Баграціён». З савецкага боку галоўная нагрузка клалася на войскі 2-га Беларускага фронту. Гэтым аператыўна-стратэгічным аб’яднаннем камандаваў генерал-палкоўнік (з 28 чэрвеня) Г.Ф. Захараў. У склад фронту ўваходзілі арміі, якія ўзначальвалі генералы, што мелі за плячыма шэраг паспяховых наступальных аперацый. 3-й арміяй камандаваў генерал-палкоўнік А.В. Гарбатаў. 49-я армія была даручана генерал-лейтэнанту І.Т. Грышыну, 50-я ўзначальвалася генерал-палкоўнікам І.В. Болдзіным. Вышэйшай службовай асобай у 4-й паветранай арміі з’яўляўся генерал-палкоўнік авіяцыі К.А. Вяршынін.
Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання выразна распісала той кірунак, на які павінны былі арыентавацца наступальныя дзеянні фронту. Яго без праблем можна знайсці на карце: Навагрудак, Ваўкавыск, Беласток. У плане аперацыі акрэслівалася чарговасць наступных значных вех: выцісканне германскіх агрэсараў з Навагрудка; пераадоленне прасторы, якая прылягала да рэк Нёман і Моўчадзь; вяртанне Ваўкавыска ў становішча, якое існавала да германскай акупацыі; наступленне наўпрост на цэнтр Беластоцкай вобласці. Мяркуючы па ўказаным плане, аперацыя павінна была праводзіцца на частках Баранавіцкай і Беластоцкай абласцей. У 49-й і 50-й арміях, разам узятых, было не нашмат больш асабістага складу, узбраенняў, ваеннай тэхнікі, чым у 3-й арміі. У даручанай Гарбатаву арміі было больш за 80 тысяч байцоў, 1589 гармат і мінамётаў, 148 танкаў і самаходных артылерыйскіх гармат. Гэта абумовіла галоўную ролю 3-й арміі ў Беластоцкай аперацыі. Магутным аргументам савецкага боку было яго поўнае панаванне ў пятым акіяне. Вяршынін меў 577 паветраных суднаў. Беластоцкая аперацыя дзеліцца на тры этапы. Першы этап датуецца 5-9 ліпеня, другі працягнуўся з 10 па 16 ліпеня. Храналагічныя рамкі трэцяга этапу: 17-27 ліпеня.
На першым этапе аперацыі з савецкага боку быў у асноўным задзейнічаны Гарбатаў. За першыя пяць дзён аперацыі 3-я армія прасунулася прыблізна на 125 км. Яна не пакідала каменя на камені ад рэзка аслабленых злучэнняў 9-й германскай арміі, якая ўваходзіла ў групу армій «Цэнтр». Акрамя таго, гарбатаўскія цуда-волаты рэгулярна наносілі паражэнне тым рэзервам, якія ў спешным парадку пасылаліся на дапамогу гітлераўцам. Да вечара 9 ліпеня Гарбатаў пакінуў ззаду прамежкавы рубеж абароны па рэках Нёман і Сэрвач. І вось тут гэты камандарм стаў актыўным чынам узаемадзейнічаць з перадавым атрадам 50-й арміі. Гарбатаў мог далей наступаць толькі пры ўмове надзейнага прыкрыцця яго правага фланга.
Менавіта гэта і забяспечыў Гарбатаву перадавы атрад 50-й арміі. Менавіта на першым этапе быў вызвалены Карэліцкі раён. Захараў абазначыў Гарбатаву дзве кантрольныя кропкі. Яны датуюцца 6 і 8 ліпеня 1944 года. Першая кропка: выхад галоўнымі сіламі да ракі Нёман. Другая кропка: выхад на рубеж г.п. Мір, нарошчванне атак супраць гітлераўцаў у напрамку м. Дварэц.
Гарбатаў пры вызваленні Карэліцкага раёна задзейнічаў 41-ы стралковы корпус (камандзір генерал-маёр Віктар Казіміравіч Урбановіч). Былі задзейнічаны выдатна падрыхтаваныя дывізіі корпуса: 269-я Чырвонасцяжная Рагачоўская дывізія (камандзір генерал-маёр Кубасаў, начальнік штаба палкоўнік Герасімаў), 283-я дывізія (камандзір В.А. Канавалаў), 120-я стралковая дывізія (камандзір генерал-маёр Ян Янавіч Фогель).
Звяртаем асаблівую ўвагу чытачоў на 1022-і стралковы полк 269-й дывізіі. Камандаваў палком падпалкоўнік Філатаў, пасаду начальніка штаба займаў маёр Канстанцінаў. Полк быў ядром рухомага атрада. У склад рухомага атрада таксама ўвашлі 364-ы знішчальны супрацьтанкавы артылерыйскі дывізіён, адна гаўбічная батарэя 491-га артпалка, 1901-ы самаходны артполк, сапёрная рота 579-га асобнага сапёрнага батальёна.
Свае баявыя задачы рухомы баявы атрад вырашаў з дзвюх гадзін ночы 7 ліпеня да 17 гадзін 8 ліпеня. У справаздачах рухомы атрад атаясамляўся з 1022-м стралковым палком. У “Журнале баявых дзеянняў” дадзенага атрада чытаем: “Полк (як рухомы атрад) да 17.00 8 ліпеня выйшаў у раён Рутка1. Прайшоў з баямі 22 кіламетры, вызваліўшы населеныя пункты Тударава, Стрэльнікі, Паланая, Валковічы” .
Беларускі даследчык У.І. Карпук піша: “Ноччу на 7 ліпеня палкі 283-й дывізіі фарсіравалі раку Нёман і захапілі плацдарм 10 на 7 кіламетраў. Падраздзяленні 856-га сталковага палка рушылі ў напрамку Міра. Мір быў абыдзены праз вёскі Гарачкі, Пясочная. Далей было прасоўванне на Турэц, пакінуўшы на ранейшых пазіцыях стралковую роту старшага лейтэнанта Аляксея Васільевіча Мельнікава. Праціўнік, баючыся акружэння, 7 ліпеня пакінуў Мір. У яго ўвайшлі воіны 120-й гвардзейскай стралковай дывізіі.
Ноччу 8 ліпеня 1-ы і другі стралковыя батальёны 856-га палка пераправіліся праз раку Сэрвач у раёне вёскі Беразавец, з ходу ўварваліся ў абарону ворага і завязалі начны бой. У тры гадзіны ночы 8 ліпеня 1944 года 1-ы і 2-і стралковыя батальёны імклівай атакай пры падтрымцы агню 2-га артдывізіёна і мінамётаў авалодалі вёскай Палужжа”.
Ноччу 8 ліпеня 3-і стралковы батальён 856-га палка наступаў на Карэлічы. Вельмі ўпартымі былі баі за равінскія і качынскія вышыні. У рэшце рэшт гітлераўцы пачалі адступаць. Камадзір 283-й дывізіі выбраў вельмі разумнае рашэнне: праследаваць ворага па лініі Карэлічы-Валковічы-Навагрудак і па лініі Тупалы-Агароднікі-Рутка. Гэта наступленні ў першым эшалоне гэтай дывізіі. У другім эшалоне мела месца наступленне 860-га стралковага палка на вёску Тупалы. Тупалы былі вызвалены ў 13 гадзін, Навагрудак — у 18 гадзін 30 хвілін.
А зараз спынімся на такой постаці як Ян Янавіч Фогель. Дывізія, якой ён камандаваў, таксама як 283-я, уваходзіла ў першы эшалон 41-га стралковага корпуса. 7 ліпеня 1944 года ў пяць гадзін раніцы Ян Янавіч аддаў загад палкам, якія знаходзіліся ў раёне Новага Свержаня, на наступленне.
339-ы полк у 10 гадзін вечара, фарсіраваўшы раку Сэрвач, сканцэнтраваўся на паўночна-заходняй ускраіне вёскі Сэрвач і заняў абарону ў раёне вёсак Сэрвач-Навасёлкі. Воіны 334-га палка пераадолелі за дзень 30 км па маршруце Мір-Пясочная-Загор’е-Лыкавічы-Некрашэвічы. У 23.00 полк сканцэнтраваўся ў лесе на паўночным усходзе ад вёскі Любанічы. У 24.00 тут апынуліся батальёны 336-га гвардзейскага стралковага палка.
У дзве гадзіны Ян Янавіч аддаў загад на наступленне: ”336-му стралковаму палку выступаць у напрамку Малюшычы-Волца-Забалацце, паслядоўна авалодаць рубяжамі Баранавічы, Сёгда. 334-му гвардзейскаму палку — наступаць па маршруце Любанічы-Мокрава-Карэлічы. 336-му — рушыць па маршруце 334-га і быць у пастаяннай гатоўнасці, дзейнічаць згодна з абстаноўкай. КП (Каманднаму пункту) 120-й сд (стралковай дывізіі) паслядоўна Любанічы, Малюшычы, Карэлічы”. Наступленне пералічаных баявых адзінак распачалося ў пяць гадзін раніцы 8-га ліпеня. Бой быў вельмі цяжкім. Савецкія воіны атрымалі перамогу. Гітлераўцы адступалі ганебна ў заходнім і паўночна-заходнім напрамках.
Каля вёскі Малюшычы атрымаў цяжкае раненне камандзір гэтай дывізіі генерал-маёр Ян Фогель, якому пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Вось як пра падзеі тых гадоў успамінае ветэран Вялікай Айчыннай вайны палкоўнік у адстаўцы Анатоль Саламатаў:
— Камандзір 120-й гвардзейскай стралковай дывізіі генерал-маёр Фогель падчас пераследу адыходзячага праціўніка знаходзіўся ў перадавых падраздзяленнях аднаго з гвардзейскіх стралковых палкоў. У раёне вёскі Малюшычы ён, заняўшы пазіцыю, назіраў за становішчам у бінокль, стоячы на адным калене. Наперадзе яго знаходзіўся маёр са штаба палка, які таксама глядзеў у бінокль. Прагучаў адзіны стрэл — з нейкага дома… Куля прабіла руку маёру (датычнае раненне) — і ўвайшла ў калена генералу Фогелю. Ён паваліўся на бок… Гэта мне распавядаў ад’ютант камандзіра дывізіі старшы лейтэнант Баранаў, які знаходзіўся за камандзірам у 10-15 метрах і вёў перамовы па радыёстанцыі разам з радыёаператарам. Немагчыма было выратаваць генерала, бо не было машыны. Куля ўвайшла ў калена і ў пахвінны раён… Пакуль перавязвалі, шукалі машыну — ён памёр.
Трэба сказаць і пра дзеянні 169-й Рагачоўскай стралковай дывізіі 40-га стралковага корпуса. Яна апынулася на тэрыторыі Карэліцкага раёна 7 ліпеня. Калі гэты дзень набліжаўся да фінальнай кропкі, дывізія кантралявала прастору, якая непасрэдна прылягала да лініі Рамейкі – Дорагава – Равіны. 556-ы стралковы полк 169-й дывізіі камандаванне выкарыстала ў якасці карпуснога рухомага атрада. З 6 гадзін раніцы да 14.00 7 ліпеня атрад выціснуў германцаў з лініі Варонча-Труднава-Плужыны.
8 ліпеня 1944 года стане апошнім днём у баях за вызваленнне Карэліцкага раёна. У завяршальных баях асабліва адзначыліся 680-ы, 307-ы, 434-палкі. Вось што дакладваў камандзіру дывізіі начальнік штаба 680-га палка маёр Гусеў: “Полк працягвае праследаваць праціўніка, які, паспешліва адыходзячы ў заходнім і паўночна-заходнім напрамках, кідае ў бой самаходныя гарматы і танкі з аўтаматчыкамі. На працягу 8.7.44 г. полк прайшоў па маршруце Застадолле-Плужыны-Міратычы-Валеўка, збіваючы праціўніка на рубяжах: вышыня 202,1 і безыменная вышыня на ўсход ад раёна Райца – вышыня 248,0, вышыня 201,4 – В. Косічы. Полк сустрэўся і вёў бой з 7 бронетранспарцёрамі і аўтаматчыкамі. Падбіта адна танкетка, знішчаны два станковыя кулямёты і 15 салдат праціўніка”. З вялікай цікавасцю чытаюцца радкі з баявога данясення начальніка штаба 307-га палка маёра Сычова камандзіру дывізіі: “Полк у 10.00 8.7.44 г. выступіў па маршруце Застадолле-Рамейкі-Плужыны-Міратычы-Валеўка… 1-я і 4-я батарэі ў час падтрымкі дзеянняў 434-га і 680-га стралковых палкоў вялі агонь па праціўніку. У выніку бою была падбіта адна бронемашына, знішчана да 60 салдат праціўніка”.
Міхаіл СТРАЛЕЦ, доктар гістарычных навук, прафесар, г. Брэст
Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц
Источник: https://www.polymia.by/vse-novosti/1455/vyzvalenne-karelickaga-raena-ad-niamecka-fasysckix-zaxopnika