Карэліцкая раённая газета Полымя: УК «Карэліцкі раённы краязнаўчы музей» далучыўся да Міжнароднай акцыі «Ноч у музеі»

17 мая ў Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі праведзены мерапрыемствы з нагоды Міжнароднай акцыі «Ноч у музеі» пад назвай «Пераможны май». Гэта стала важнай падзеяй для супрацоўнікаў установы і яе наведвальнікаў, якія змаглі заглянуць у мінулае і адчуць подых сённяшніх дзён.

З прывітальным словам да прысутных звярнулася старшы навуковы супрацоўнік музея Марыя Беленава і паведала пра гісторыю акцыі «Ноч у музеі». Яна адзначыла, што ў сценах установы захоўваюцца гістарычныя звесткі пра Карэліччыну, і яны прадстаўлены да ўвагі жадаючых. Мастацкая пастаноўка верша Л. Каракулінай «Мама, мамачка» дзіцячай узорнай студыі мастацкага слова «Эксперымент» Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці (мастацкі кіраўнік Міхаіл Башко) нікога не пакінула раўнадушным.

Вялікае ўражанне засталося і пасля правядзення лакацый: «Партызанская школа», «Школа разведчыкаў», «Медсанбат». Валеолаг установы аховы здароўя «Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца», старшыня Карэліцкай раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Святлана Санцэвіч расказала аб ролі Чырвонага Крыжа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і на сучасным этапе. Правяла майстар-клас па аказанні першай медыцынскай дапамогі. У «Школе разведчыкаў» дзеці змаглі праявіць сябе як лепшыя стралкі і шыфравальшчыкі, і ім была прадастаўлена «азбука Морзе». Неабходна было скласці сказы: «Дзе смеласць, там перамога», «Мужнасць», «Смелага вораг не возьме», «Гераізм». Захаплялі і іншыя лакацыі. «Хлеб вайны. Якім ён быў?» — гэта знаёмства з хлебам ваенных гадоў, дэгустацыя франтавога бутэрброду і партызанская гарбата. Была арганізаваны выстава «Хлеб нашай Перамогі».

Дзяўчынак і хлопчыкаў не пакінула раўнадушнымі і лакацыя «Гульнявы калейдаскоп». Галаваломкі, настольныя гульні, зашыфрованыя паведамленні аб назвах ваеннай тэхнікі — усё прыйшлося ім даспадобы і выклікала цікавасць.

Знайшлося месца падчас правядзення акцыі і гістарычным звесткам пра Вялікую Айчынную вайну. «1418 крокаў да Перамогі» — тэма выступлення старшага навуковага супрацоўніка музея Марыі Беленавай. Відавочна: вайна —  боль, слёзы, пакуты, але пра гэта трэба ведаць і памятаць, каб яна ніколі не паўтарылася.

І ў рэшце рэшт, пра што хочацца ўспомніць з асаблівай цеплынёй. Калі спяваюць удзельнікі народнай вакальнай групы ветэранаў працы філіяла Мірскага Дома культуры,  то мелодыі глыбока кранаюць сэрца. Яно і зразумела: песня заўсёды дапамагала ў жыцці, была памочніцай на вайне, і сёння побач з працай прадаўжае крочыць па жыцці.

Экскурсія па музеі з ліхтарыкамі — свайго роду экскурс у далёкае мінулае. Вакол цішыня і спакой, а ты ў думках дакранаешся да роднага і блізкага.

Дырэктар Карэліцкага раённага краязнаўчага музея Ларыса Кузьміч адзначае, што «Ноч музеяў» — яшчэ адна магчымасць наведаць музей бясплатна. І што немалаважна: пазнаёміцца з новымі экспанатамі, да прыкладу, з фрагментамі самалёта Мікалая Гастэлы, збітага 26 чэрвеня 1941 года. Ларыса Уладзіміраўна выказала словы ўдзячнасці дырэктару вытворчага гандлёвага прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «Літаўр» Сяргею Дунцу за спонсарскую дапамогу, а карэліччан і гасцей гарпасёлка  з сем’ямі і сябрамі запрасіла наведаць музей, дзе яны змогуць даведацца шмат карыснага і цікавага.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Іны ЛЕЙКІ

Источник: https://www.polymia.by/vse-novosti/1801/korelicskii-raionnyi-kraevedceskii-muzei-prisoedinilsia-k-mezdunarodnoi-akcii-noc-v-muzee

Обсуждение закрыто.