02.06.2026

12 лютага да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў у Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі адбылося мерапрыемства «Афганістан — незажываючая рана».
Яго арганізатары — супрацоўнікі музея і Карэліцкая раённая ветэранская арганізацыя.
Экскурс у тыя далёкія гады зрабіла старшы навуковы супрацоўнік музея Марыя Беленава.

— Чорныя сцежкі і цясніны Афганістана для соцен тысяч савецкіх салдат і афіцэраў сталі месцам баявога хрышчэння і пастаяннай школай мужнасці. Большасць з іх верылі, што прыйшлі дапамагаць сябрам. Гэтая вера прападала, калі стралялі ў спіну. Але больш дзевяці гадоў савецкія воіны не толькі ваявалі, але і будавалі дарогі і масты, школы, бальніцы, дапамагалі мірнаму насельніцтву харчаваннем, медыкаментамі, ваенныя медыкі лячылі простых афганцаў у шпіталях, — адзначыла Марыя Уладзіміраўна і заклікала памятаць пра юнакоў, якія выконвалі свой абавязак.
На сустрэчу былі запрошаны ўдзельнікі Афганскай вайны Аляксандр Мікалаевіч Манько і Станіслаў Анатольевіч Сакалоў з г.п. Карэлічы і Васілій Фёдаравіч Балабановіч з аграгарадка Турэц. Шчырую і адкрытую размову з імі вяла старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Валянціна Кошур. Воіны-інтэрнацыяналісты вярталіся ва ўспамінах у няпросты час, апавядаючы аб тым, як праходзіла падрыхтоўка да службы, аб першых кроках на афганскай зямлі, спякотным надвор’і ў гэтай краіне, небяспечных сітуацыях, адносінах з мясцовым насельніцтвам, расказвалі, як бралі у палон праціўніка, аб таварышах па службе і ўзнагародах.

Іх аповеды краналі душу. «Мы выхоўваліся на кнігах і кінастужках савецкага часу, у жыцці сустракаліся з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, таму, выконваючы свой абавязак, па-іншаму не маглі», — гаварылі прамоўцы.
Васілій Фёдаравіч Балабановіч выканаў цудоўную песню і пажадаў прысутным, каб над імі заўсёды было мірнае неба.

Раённы ветэранскі лідар падзякавала ганаровым гасцям сустрэчы і ўручыла ім падарункі.
У раённым краязнаўчым музеі арганізавана выстава пад назвай «Рэха вогненных гор», якая пройдзе з 12 па 27 лютага. На ёй прадстаўлены пісьмы, фотаздымкі, узнагароды, асабістыя рэчы воінаў-афганцаў.
Наведвальнікамі сустрэчы сталі вучні дзявятага і адзінаццатага класаў прававой накіраванасці сярэдняй школы №1 г.п. Карэлічы. Яны ахвотна падзяліліся сваімі меркаваннямі.
Цімафей Галецкі,
вучань 9 «А» класа сярэдняй школы №1 г.п. Карэлічы:
— Цікава было даведацца пра Афганскую вайну і сустрэцца з яе ўдзельнікамі. Асабліва крануў той факт, што накіроўвалі зусім маладых, якія яшчэ не ведалі ваяваць. На зямлі павінен быць мір, і нельга дапусціць вайны.
Назар Самец,
вучань 9 «А» класа сярэдняй школы №1 г.п. Карэлічы:
— Мне таксама спадабалася сустрэча з воінамі-інтэрнацыяналістамі. Было цікава пачуць з першых вуснаў, як было на вайне. Запала ў сэрца і песня ў выкананні Васілія Балабановіча. Такія сустрэчы патрэбны, каб развівалася ў моладзі пачуццё патрыятызму. Мы павінны любіць Радзіму і быць гатовымі яе абараняць.
Галіна СМАЛЯНКА

Translate »