Мір — гістарычная жамчужына Карэліцкага раёна, якая мае не толькі цікавую гісторыю, але і развітую інфраструктуру. Да нашых дзён тут захаваліся такія помнікі гісторыі, як Мірскі замак, гандлёвая плошча, сінагагальны двор, касцёл святога Мікалая, храм Святой Жываначальнай Троіцы і іншыя. Як і ў былыя часы, так і сёння Мір вядомы сваёй талерантнасцю і прымае на сваёй зямлі людзей з розных куткоў свету.
Мір — гандлёвы цэнтр

— Здаўна мірская зямля прымала людзей розных нацыянальнасцей, — расказвае спецыяліст па турызме Карэліцкага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Валерыя Крываль. — Тут жылі беларусы, татары, цыганы, яўрэі. Жылі мірна, бо ядналі іх гонар і павага адзін да аднаго. Яны абапіраліся на агульнае паміж сваімі нацыянальнасцямі і веравызнаннем, а не на спрэчнае.

Гістарычным цэнтрам Міра з’яўляецца гандлёвая плошча, зараз яна носіць назву 17 Верасня ў памяць яднання краіны і народа ў 1939 годзе. Плошча чатырохкутная, забудаваная дамамі купцоў і рамеснікаў, гандлёвымі крамамі і двума храмамі, якія стаяць насупраць адзін аднаго.
— Мір доўгі час быў цэнтрам гандлю і рамёстваў. Тут было прадстаўлена да паўсотні прафесій рамеснікаў — краўцы і кушняры, ганчары і разьбяры па дрэве, кавалі і збройнікі, ювеліры і нават музыканты, — працягвае Валерыя Крываль. — Самае цікавае, што раней шыльдаў не было, замест іх гандляры вешалі адметныя знакі. Напрыклад, каваль — падкову, шавец — бот, кравец – нажніцы, цырульнік — таз і гэдак далей. Развіццю гандлю спрыяла выгаднае размяшчэнне на купецкім магістральным тракце Смаленск-Орша-Мінск-Брэст.
Да канца XVII стагоддзя ў Міры існавала чатыры цэхі. Самы ранні ткацкі цэх быў заснаваны 29 студзеня 1686 г., затым праз сем гадоў былі адкрыты яшчэ тры цэхі краўцоў, шаўцоў і ганчароў. Цэх ткачоў аб’ядноўваў рамеснікаў адной прафесіі, усе астатнія складаліся з майстроў розных прафесій. Яны гандлявалі мехам, жывёлай, зернем, тканінай, спецыямі, віном, тытунем.
— Заняткі мясцовых жыхароў у асноўным вызначаліся нацыянальнай прыналежнасцю. Напрыклад, татары займаліся агародніцтвам, вырабам скур і вазоў, яўрэі — гандлем і ліхвярствам, беларусы — рамяством, цыганы — конным промыслам. Увогуле, Мір славіўся коннымі кірмашамі, бо дзякуючы багатаму на лугі наваколлю ў мястэчку актыўна квітнела конегадоўля.
Як расказвае спецыяліст па турызме, раней на плошчы было гучна. З’язджалася шмат купцоў, музыкаў і іншых. З усіх бакоў даносіліся гандлёвыя спрэчкі на розных мовах і прыслоўях. Хто гандляваў, хто набываў што-небудзь, хто заглядаў у карчму, а хто і ў касцёл альбо царкву.
Яўрэйскі квартал
Да нашых дзён з усходняга боку плошчы захаваўся яўрэйскі квартал. У Міры яўрэі пасяліліся ў XVII стагоддзі, да канца XIX стагоддзя яны складалі 60% насельніцтва мястэчка, як і ў большасці гарадоў і вёсак Беларусі таго стагоддзя.
— Яўрэі не займаліся земляробствам і будаўніцтвам. Затое ў іх былі самыя смачныя булачкі, яны выраблялі рамы і мэблю. Распаўсюджанымі прафесіямі сярод яўрэйскага насельніцтва былі шавец, цырульнік, кравец, шкельшчык. Сярод іх сустракаліся лепшыя ювеліры і зубныя ўрачы. Але большая частка яўрэяў займалася гандлем.
Зараз у будынках былога яўрэйскага квартала размяшчаюцца аўтакаса, крамы, аддзяленне “АЗБ “Беларусбанк”, кафэ “Ліхтарік”, Дом быту. На процілеглым баку плошчы стаялі дамы і крамы з рознымі таварамі.
— «Камяніцы», як іх тады называлі, былі пафарбаваныя ў розныя колеры, што надавала плошчы маляўнічасць. Колер быў адным з элементаў адраснасці. Сярод гэтых камяніц былі багатыя крамы, дзе ішоў продаж замежных шаўковых тканін і галантарэйных тавараў. Зараз на іх месцы размяшчаюцца кафэ “Рагнеда”, інтэрнат і Карэліцкі турыстычны інфармацыйны цэнтр.
Зямля чатырох рэлігій
Шматнацыянальнасць насельніцтва Міра дыктавала і шматрэлігійнасць. Такім чынам у мястэчку размяшчаліся праваслаўная царква, каталіцкі касцёл, мячэць і сінагогі. Да нашых дзён захаваліся толькі касцёл святога Мікалая, храм Святой Жываначальнай Троіцы і будынкі сінагагальнага двара.

Мячэць была пабудавана прыблізна ў 1795 годзе, у 1840 — перабудавана, існавала да 1939 года.
Храм Святой Жываначальнай Троіцы

Храм Святой Жываначальнай Троіцы пабудаваны ў 1533 годзе. Мікалай Радзівіл Чорны, уладальнік мястэчка Мір, выдзеліў сродкі на яго будаўніцтва. Спачатку храм быў драўляны і пабудаваны па ўсіх канонах праваслаўнай царквы, у выглядзе крыжа. У 1705 годзе ён стаў уніяцкім, пры ім дзейнічаў манастыр са школай, які быў скасаваны ў 1824 годзе.

— Храм мае цікавую гісторыю. У гэтым годзе яму споўніцца 500 гадоў, — расказвае верніца храма Галіна Аляксееўна Асташка. — Да нашых дзён дайшла ўжо перабудаваная каменная царква. Справа ў тым, што ў 1865 годзе храм моцна пацярпеў ад пажару. Тады было прынята рашэнне яго рэканструяваць. Усе абшчыны Міра прынялі актыўны ўдзел у рэканструкцыі храма.
Храм рэканструяваны ў псеўдарускім стылі, прадстаўлены ў выглядзе выразна акрэсленых чатырох аб’ёмаў, нанізаных на адну кампазіцыйную вось: бабінца-званіцы, трапезнай, малітоўнай залы і паўкруглай апсіды з рызніцай. Галіна Аляксееўна расказвае, што па заканчэнні аднаўлення царквы яўрэйскай абшчынай быў падораны ўнікальны камплект падсвечнікаў, які захаваўся да нашых дзён. Ён уключае ў сабе тры сямісвечнікі з ільвінымі лапкамі.
Акрамя падсвечнікаў, у храме налічваецца яшчэ шмат каштоўных рэчаў. Адна з іх — Пачаеўскі цудадзейны абраз Божай Маці.

— Абраз Пачаеўскай Божай Маці з’яўляецца галоўным у нашым храме, таму і размяшчаецца па цэнтры, зверху царскіх варотаў. Ён з’явіўся ў 1930 годзе. Тады ў храме служыў протаіерэй Уладзімір Свірскі. Матушка Кацярына захварэла, ёй была з’ява, што трэба маліцца абразу Пачаеўскай Багародзіцы. Протаіерэй і матушка паследавалі парадзе. Айцец Уладзімір Свірскі паехаў у Пачаеў і там ушаноўваў цудадзейны абраз. І матушка Кацярына акрыяла. У знак удзячнасці за вылячэнне матушкі айцец Уладзімір заказаў копію Пачаеўскага цудадзейнага абраза Божай Маці.
Як расказвае Галіна Асташка, абраз пісаўся па ўсіх канонах: дошку клалі на мошчы святога Іова Пачаеўскага, заснавальніка манастыра, палівалі вадой, якая знаходзілася ў ступні (паглыбленні) манастыра, дзе яна ніколі не высыхае і ніколі не пераліваецца. Абраз прывезлі па чыгунцы да Гарадзеі, а ўжо адтуль 16 кіламетраў з песнапеннямі яго прынеслі ў храм Святой Жываначальнай Троіцы.
— З тых часоў ён лічыцца цудадзейным. Ёсць у нас спецыяльныя актывы, дзе людзі запісваюць цуды па малітве прасвятой Багародзіцы. Кожны год 5 жніўня святкуецца Дзень Пачаеўскай Божай Маці. Да нас прыязджае шмат людей, каб ушанаваць гэты цудадзейны абраз.
Гісторыя абразоў храма цесна спалучаецца з гісторыяй мястэчка Мір.
У царкве змяшчаецца абраз-габелен святога Мікалая ад кітайскіх купцоў.

— Вядома, што Мір быў гандлёвым цэнтрам, — працягвае верніца. — У VIII стагоддзі на Міколу Веснавога і на Міколу Зімовага збіраліся на кірмаш гандляры амаль з усяго свету. Аднойчы на Міколу Зімовага ішлі кітайскія купцы на Мір і заселі на беразе ракі Нёман. Была моцная сцюжа, коні спыніліся. Купцы не ведалі, куды ім рухацца і што рабіць. Яны былі ўпэўнены, што іх чакае пагібель. Але ў гэты момант з’явіўся старац у прыгожым адзенні і сказаў: “Ідзіце ў той бок. Пачуеце званы — там і будзе ваша выратаванне”. Так кітайскія купцы і зрабілі. Увогуле дабраліся яны да Міра і заначавалі ў хаце святара. На раніцу святар прывёў іх у храм, там купцы ўбачылі абраз святога Мікалая і адразу загаманілі, што менавіта ён іх выратаваў. Такім чынам праз два гады ў царкву прывезлі абраз-габелен святога Мікалая, у гонар выратавання ў зімовую сцюжу. Абраз ручной працы, выкананы з бісеру. Самае цікавае, што пры пажары абраз не пацярпеў, згарэла толькі рамка, якая была зменена.

У храме Святой Жываначальнай Троіцы змяшчаецца шмат даўнейшых абразоў, якія маюць сваю асаблівую гісторыю. Адзін з іх падараваны царкве ў гонар выратавання цара Аляксандра ІІІ. Акрамя гэтага, сцены храма ўпрыгожваюць абразы-карціны, гісторыю якіх ніхто не ведае. Вядома толькі тое, што спачатку яны змяшчаліся ў касцёле святога Мікалая, а пасля былі перададзены храму.

— Шыльды, якія змяшчаюцца пад абразамі-карцінамі, з’явіліся пазней. Кожная шыльда прысвечана якой-небудзь падзеі. Акрамя абразоў, у нашым храме ёсць выстава даўнейшага царкоўнага начыння, — працягвае Галіна Асташка. — Тут ёсць напрыстольнае Евангелле 1890 года, царскія вянцы, чашы, кнігі 1880-1890 гадоў і іншае. Пры храме дзейнічае нядзельная школа, дзе навучэнцы спасцігаюць свет веры.
Кацярына ЖАМОЙДА
Фота аўтара