Карэліцкая царква лічыцца помнікам архітэктуры XIX ст. Знойдзеныя дакументы праліваюць святло на яе даўнюю гісторыю. Першае ўпамінанне пра Карэліцкую царкву, вядомае з архіўных крыніц, знаходзім у інвентары маёнтка Карэлічы за 1594 г. Дакумент выяўлены ў Варшаве ў архіве галоўных старажытных актаў вучонымі НАН Беларусі. Звестак пра царкву ў дакуменце няшмат. Згадваецца, што яна знаходзілася насупраць двара (вядома, што ў пачатку XVI ст. двор Карэлічы стаў уласнасцю князёў Чартарыйскіх).
Дакументы сведчаць, што ў 1680 г. драўляная царква ў Карэлічах была старая, але крытая новым дахам. Побач размяшчалася хата з бакавою свяцёлкаю, сянямі і пякарняю і гаспадарчыя пабудовы – два свірны, столькі ж адрын і гумно. Каля царквы знаходзіліся могілкі з агароджай. Прэсвітарам Карэліцкай царквы ў дакументах значыцца Аляксандр Плаўскі (на час агляду — нябожчык). У дакументах 1754 г. сказана, што царква старая, драўляная, крытая гонтам, з двума купаламі. У 1798 г. ксёндз Фама Вашчаловіч правёў агляд уніяцкіх цэркваў Цырынскага і Навагрудскага дэканатаў і пакінуў запіс, з якога вынікае, што драўляная Карэліцкая царква рамонту не патрабуе, яна пакрыта новым гонтам, а купал – бляхай. Пры царкве дзейнічалі прытулак для бедных і школа, якую ўтрымліваў мясцовы святар Леў Вянцкоўскі.Захаваліся звесткі пра Карэліцкае евангелле 1647 г., перапісчыкам якога быў прэсвітар Карэліцкай царквы Іаан Рыгоравіч Саўка, пра што сведчыць надпіс у рукапіснай кнізе. Другі надпіс паведамляе, што ў 1696 г. руку сваю да кнігі прыклаў карэліцкі прэсвітар Юзаф Плаўскі. Рукапіснае евангелле пісана было паўуставам, мела чатыры каляровыя застаўкі і кінаварныя ініцыялы. Пераплёт зроблены з дошак, на верхняй пасярэдзіне знаходзіўся сярэбраны абраз, па кутах размяшчаліся дзве мініяцюры евангелістаў. Доўгі час у царкве захоўваліся метрычныя кнігі з 1750 г. і спавядальныя роспісы з 1844 г.
У 1818 г. настаяцелем Карэліцкай Петра-Паўлаўскай царквы быў прызначаны Іаан Гамаліцкі (1792 – 1870). Выхоўваўся ён пры Свержаньскім манастыры, дзе на працягу шасці гадоў (да 1811) вывучаў у семінарыі багаслоўскія навукі. Пасля заканчэння курса навук некалькі гадоў быў галоўным упраўляючым маёнткаў рымска-каталіцкага епіскапа Мікалая Былеўскага ў Магілёўскай губерні. Пакінуў гэту службу ў маі 1815 г. і ажаніўся з дачкою каноніка Шчорсаўскай царквы Антонія Міхальскага. У чэрвені таго ж года ў Жыровічах быў пасвечаны ў вікарнага святара да Шчорсаўскай царквы. У пачатку 1818 г. Іаан Гамаліцкі стаў настаяцелем Карэліцкай царквы, 28 чэрвеня 1823 г. быў прызначаны благачынным цэркваў Навагрудскага павета. У 1836 г. пераведзены настаяцелем у Навагрудскі сабор, узведзены ў сан протаіерэя, але пры гэтым працягваў узначальваць і карэліцкі прыход. Вікарным святаром Карэліцкай царквы з 1824 г. быў Ігнацій Малышэўскі, з 1829-га – Ігнацій Слаута.
Ігнацій Слаута нарадзіўся ў 1804 г. Пасля заканчэння 6 класаў Навагрудскага павятовага вучылішча два гады вывучаў багаслоўскія навукі ў Лаўрышаўскай семінарыі, дзе атрымаў атэстат I разрада. 26 кастрычніка 1828 г. быў пасвечаны ў святары і хутка прызначаны вікарным у Карэліцкую царкву, пазней служыў (да 1838 г.) другім святаром пры Навагрудскім саборы і да 1863 г. – у Цырынскай царкве. Апошнім месцам яго службы стала Валковіцкая царква. Святар карыстаўся любоўю прыхаджан Навагрудчыны, якой ён прысвяціў усё сваё жыццё, а за добрасумленнасць у справе навучання дзяцей у 1862 г. атрымаў удзячнасць епархіяльнага кіраўніцтва.
Іаан Гамаліцкі быў благачынным цэркваў Навагрудскага павета ў час уз’яднання ўніятаў з праваслаўнай царквой і актыўна садзейнічаў гэтаму працэсу. Маючы вялікі аўтарытэт, ён здолеў выклікаць прыхільнасць духавенства і выканаць адказную місію, ускладзеную на яго ў той складаны час. Па даручэнні начальства ён ажыццяўляў рэвізію цэркваў Навагрудскага, Лідскага, Дзісненскага і Віленскага паветаў. Яго заслугі перад царквой былі адзначаны ўзнагародамі: у 1838 г. – залатым наперсным крыжам, у 1841-м – ордэнам Святой Ганны 3-й ступені, пазней – камілаўкаю і медалямі.
У 1842 г. святар пакінуў Навагрудскі сабор і пасаду благачыннага, але працягваў службу ў Карэліцкай царкве. Вопыт айца Іаана аказаўся запатрабаваны – з верасня 1848 да чэрвеня 1856 г. ён займаў пасаду мірскага благачыннага. Іаан Гамаліцкі адышоў у вечнасць 1 снежня 1870 г. на 79-м годзе жыцця. Служэнню царкве ён аддаў 56 гадоў.
Вікарным святаром у Карэліцкай царкве з 1836 г. быў Аляксандр Гаворскі, з 1842-га – Антоній Гамаліцкі, з 1845-га – Іаан Івановіч. У красавіку 1863 г. быў пасвечаны ў святары да Карэліцкай царквы і прызначаны настаўнікам Карэліцкага народнага вучылішча Іаан Страховіч. Новым вікарыем Карэліцкай Петра-Паўлаўскай царквы ў красавіку 1866 г. стаў Іаан Маркевіч.
Служылі ў Карэліцкай царкве таксама дыяканы Канстанцін Чудзіновіч (з 1848 да 1886 г.), Іаан Жог (з 1886 да 1903 г.), псаломшчыкамі – Аўгусцін Герасімовіч (1857 – 1885), Іаан Рыбцэвіч (з 1885 г.), Мікалай Ясінскі (1886 – 1889), Флор Вяроўскі (з 1889 г.), Іуліан Вяроўскі (з 1893 г.), Міхаіл Нарановіч (з 1903 да 1909 г.), Платон Нарановіч (з 1909 г., з 1914-га – дыякан).
У 1866 годзе на месцы старой драўлянай царквы была пабудавана новая, мураваная. На гэту справу казна вылучыла 16000 руб. На званіцы, узведзенай асобна ад царквы, меліся 4 званы, самы меншы важыў 2,5 пуда, вялікія – 5, 6 і 7 пудоў. Царкоўны пагост быў абнесены драўлянаю (сталярнай работы), пафарбаванаю агароджаю. Вось апісанне царквы таго часу ў пісьмовых крыніцах: “Будынак мураваны, складзены з цэглы, мае выгляд прадаўгаватага крыжа з адным адкрытым купалам. Дах жалезны, вокны размешчаны ў адзін рад, дзвярэй трое… Столь, якая падтрымліваецца чатырма драўлянымі слупамі, падшыта дошкамі і падтынкавана, падлога драўляная, сцены пабелены, да ацяплення не прыстасавана. Салея ўзвышана на дзве прыступкі, — на ёй устроены і клірасы. Іканастас пафарбаваны ў белы колер, з пазалочанымі карнізамі, рамамі і разьбою, складаецца з 12 абразоў, размешчаных у тры рады. Памяшканне для рызніцы зроблена каля алтара”. Сярод іншых рэчаў, якія знаходзіліся ў царкве, кідаўся ў вочы срэбраны прыбор літургійных сасудаў. Акрамя рукапіснага евангелля, якое згадвалася вышэй, у царкве меліся тры богаслужэбныя, адно з іх – у аксамітным пераплёце з металічнымі ўпрыгожаннямі і два – у аплікавым акладзе з фініфцю.
З “Кліравай ведамасці” за 1875 год даведваемся, што ў склад прыхода апроч м. Карэлічы ўваходзілі вёскі Заполле, Лясок, Красная, Тударава, Руціца, Агароднікі, Качычы, Равіны, Палужжа, Стрэльнікі, Бушкі, Загор’е, Паланая, Руткавічы. Усяго прыхаджан налічвалася 4780 чалавек, з іх 569 – сяляне мястэчка Карэлічы з 66 двароў (267 муж., 303 жан.), астатнія – з навакольных вёсак. Было яшчэ 40 двароў, у якіх жылі сем’і ваенных (162 муж., 158 жан.). Сярод прыхаджан граматных – усяго 5%.
У прыходзе знаходзіліся яшчэ тры царквы. Драўляная Запольская царква Св. Георгія была пабудавана на запольскіх могілках у 1837 г., а ў 1875 г. перабудавана. Набажэнства ў ёй адбывалася ў дзень Св. Георгія і іншыя дні па жаданні прыхаджан. У той час у вёсцы налічвалася 110 двароў, у якіх пражывалі праваслаўныя прыхаджане (443 муж. і 422 жан.)
У 1858 годзе на сродкі прыхаджан на руціцкіх могілках, дзе хавалі і карэліцкіх жыхароў, была пабудавана драўляная царква Св. Іаана Прадцечы. Званіцы і ўтварных рэчаў, як і ў Запольскай царкве, пры ёй не было, карысталіся начыннем з Карэліцкай царквы. У Руціцы на той час у 15 дварах налічвалася 127 праваслаўных прыхаджан.
У вёсцы Палужжа, дзе пражывала 460 праваслаўных, знаходзілася прыпісная драўляная царква Св. Прарока Іллі са званіцаю. Дата яе пабудовы невядома, але ў 1868 г. намаганнямі мясцовых сялян яна была адрамантавана, і ў ёй з’явіўся новы іканастас. Былі там і патрэбныя пры набажэнстве рэчы, акрамя богаслужбовых кніг, якія разам з метрычнымі кнігамі з запісамі ад 1779 г. знаходзіліся ў Карэліцкай царкве.
У дакументах 1875 г. занатаваны звесткі пра колькасць прыхаджан Карэліцкай царквы ў іншых вёсках: Агароднікі – 19 двароў (78 муж., 80 жан.), Тударава – 22 двары (88 муж., 80 жан.), Красная – 60 двароў (240 муж., 231 жан.), Качычы – 13 двароў (54 муж., 42 жан.), Равіны – 19 двароў (78 муж., 68 жан.), Лясок – 39 двароў (156 муж., 150 жан.), Загор’е – 13 двароў (54 муж., 49 жан.), Стрэльнікі – 12 двароў (51 муж., 51 жан.), Бушкі – 8 двароў (34 муж., 28 жан.), Паланая – 31 двор (124 муж., 129 жан.), Руткавічы – 71 двор (287 муж., 282 жан.).
Пра аднаго з сейбітаў на духоўнай ніве, святара Андрэя Чарнякоўскага, які служыў у Карэліцкім храме з 1871 г., я падрабязна расказала ў сваёй кнізе “Праз паціну часу. Сцежкамі свіцязянскай зямлі”. Яна пабачыла свет у Выдавецкім доме “Звязда” ў мінулым годзе.
Святлана КОШУР
Фота Сяргея СТОЛЯРА і з архіва Карэліцкага раённага краязнаўчага музея