09.10.2026

У верасні ў Міры і Мінску адбылася I Міжнародная навуковая канферэнцыя “Абарончае дойлідства Беларусі: да 500-годдзя Мірскага замка”, якая сабрала шмат вучоных і даследчыкаў не толькі з Беларусі, але і іншых краін. Пленарнае пасяджэнне прайшло ў вялікай канферэнц-зале  музея “Замкавы комплекс “Мір”.

Пасля прывітальных слоў ад прадстаўнікоў Міністэрства культуры, кіраўнікоў НАН Беларусі, Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, абласнога і раённага выканаўчых камітэтаў удзельнікі канферэнцыі заслухалі шэраг дакладаў, якія адлюстравалі тэмы, звязаныя не толькі з гісторыяй Міра, але і іншых мясцін Беларусі.

Дырэктар музея “Замкавы комплекс “Мір” Аляксандр Лойка расказаў аб ролі замка ў культурным ландшафце Беларусі. Доктар мастацтвазнаўства, дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Вольга Папко распавяла аб вопыце і выніках кіравання  музеем у 2012-2016 гг. Змястоўны даклад ураджэнца Міра, архітэктара, навуковага кіраўніка замкавага комплекса Дзмітрыя Бубноўскага прыадкрыў некаторыя таямніцы яго адраджэння.

Пасля  пленарнага пасяджэння ўдзельнікам канферэнцыі была прапанавана канцэртная праграма “Чароўныя гукі музыкі” з удзелам Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў рамках Міжнароднага музычнага праекта “Музыка вежы-2026”, а потым праведзена экскурсія па экспазіцыі Мірскага замка.

11 верасня канферэнцыя працягвалася ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі. На адной з секцый “Людзі, зброя, умацаванні” даследчыкі засяродзілі ўвагу на абарончых збудаваннях Навагрудка, Ліды, Крэва і іншых гарадоў Беларусі і Расіі. На другой секцыі былі зачытаны даклады па гісторыі Мірскага замка і рэгіёна, а таксама рэстаўрацыі і музеефікацыі гістарычных комплексаў, помнікаў і прадметаў. Супрацоўнікі НАН Беларусі расказалі аб пачатку будаўніцтва Мірскага замка (Рагнеда Аляхновіч), аб архітэктурна-археалагічных даследаваннях Міра і ваколіц (дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза, кандыдат гістарычных навук Вольга Мядзведзева). Доктар гістарычных навук з Гродна Аляксандр Краўцэвіч свой даклад прысвяціў археалогіі Міра і даследаванню мястэчка XV-XVII стст., кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў расказаў пра археолагаў – даследчыкаў Мірскага замка. Прагучалі таксама даклады,  прысвечаныя архітэктуры, ландшафту, інтэр’ерам Мірскага замка (навуковы супрацоўнік “Замкавага комплекса “Мір” Наталля Кавалевіч), гісторыі храмаў у Міры. Аўтар гэтых радкоў расказала пра асветніцкую дзейнасць святара Мірскай царквы Яўстафія Пастарнацкага ў 2-й палове XIX ст. У цэнтры ўвагі супрацоўніка Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Вольгі Волкавай аказаліся старонкі гісторыі прыфрантавога мястэчка Мір у гады Першай сусветнай вайны. Прагучалі і іншыя цікавыя даклады, прысвечаныя гісторыі Міра. Пасля заканчэння работы секцый адбылося падвядзенне вынікаў канферэнцыі, якая стала важнай падзеяй у навуковым і культурным жыцці Беларусі, прыадчыніла новыя старонкі гісторыі нашай краіны, яшчэ раз звярнула ўвагу на яе нацыянальныя каштоўнасці.

Святлана КОШУР, член Саюза пісьменнікаў Беларусі