Падарожжа ў Скорычы, планы пра музей, гадзіну гістарычнай памяці. Карэліччыну наведалі нашчадкі беларускага паэта Алеся Мілюця

Што можа Чалавек? Шмат: жыць, тварыць, любіць. А яшчэ пакінуць пасля сябе памяць нашчадкам, каб тыя не забываліся, хто яны і дзе іх карані. Усё гэта – пра карэліцкага паэта Алеся Мілюця і яго сям’ю. 26 кастрычніка, у 74-ю гадавіну з дня смерці творцы, яго родзічы завіталі на малую радзіму.

6 кастрычніка, 110 год таму, у вёсцы Скорычы нарадзіўся Алесь Мілюць, якому было наканавана кароткае жыццё, але выключны лёс. Што цікава, сярод культуролагаў і літаратуразнаўцаў ходзіць міфічная гісторыя пра паэтаў, якіх не стала на 37-м годзе. Сярод іх – Пушкін, Адоеўскі, Хармс, Маякоўскі, Хлебнікаў, Рэмбо, Байран, Бернс. Гэты ўзрост стаў фатальным і для нашага таленавітага земляка. Але моц яго творчасці і памяць удзячных нашчадкаў перамаглі час.

Сонечным кастрычніцкім днём на зямлю продкаў прыехалі родзічы Алеся Мілюця з Брэста і Мінска: унучатыя пляменнікі Ірына Яўгеньеўна Іванова і Яўгеній Яўгеньевіч Пучко, праўнучкі Наталля Ярашэвіч і Юлія Аніскевіч ды 9-гадовая прапраўнучка Аляксандра Ярашэвіч. Ля роднай хаты паэта пад нумарам 18 ў Скорычах іх сустрэлі дырэктар Карэліцкай раённай бібліятэкі Лілія Канстанцінаўна Арцюх, галоўны спецыяліст сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Генадзій Анатольевіч Карпаленка і намеснік старшыні ДП “Царука” па ідэалагічнай рабоце Леанід Вячаслававіч Ямелька.

Калі ўнучатыя пляменнікі ўжо былі ў гэтых месцах, то маладое пакаленне родную вёску знакамітага продка наведала ўпершыню. “Збылася мая мара”, — з удзячнай усмешкай падзялілася Наталля Ярашэвіч. А Ірына Яўгеньеўна з задавальненнем распавяла прысутным пра ранейшую абстаноўку ў хаце: “Вось тут стаяла прыгожая канапа ў шляхецкім стылі, а побач – этажэрка з кнігамі. Некаторыя з іх зараз захоўваюцца ў Наталлі”.

Госці агледзелі кожны куток дарагога сэрцу месца. Маленькая Аляксандра, дачка Наталлі, была ў захапленні ад старадаўніх прадметаў сялянскага побыту. “Так, наша Саша вельмі чакала гэтую паездку. Тым больш, яна, як і Алесь Мілюць, схільная да творчасці – ходзіць у музычную школу і хораша спявае, — знаёміла нас з сям’ёй Наталля– А мы пайшлі іншымі дарогамі ў жыцці. Я – філолаг, Юлія – перакладчык, Наталля Яўгеньеўна – праграміст, а Яўгеній Яўгеньевіч займаецца радыёэлектронікай. Але, хоць у нас і розныя прафесіі, усю сям’ю аб’ядноўвае імкненне вывучаць і зберагаць спадчыну Алеся Мілюця. Я ў юнацтве, дзякуючы падтрымцы доктара філалагічных навук Алеся Іванавіча Бельскага, пісала працы пра прадзеда, нават верш яму прысвяціла. А Наталля Яўгеньеўна шмат часу праводзіць у архівах”. “І учора там была, — далучаецца да размовы жанчына. – Столькі знайшла невыдадзеных вершаў дзядькі Алеся, што хопіць на тры выданні. І, наогул, калі чытала яго творы, то было адчуванне, што ён знаходзіцца побач, і мы з ім размаўляем праз паэзію”.

Родзічы паэта пакідалі Скорычы натхнёныя і з вялікім жаданнем не раз вярнуцца сюды, каб узрадзіць радавое гняздо. А наперадзе ўсіх чакала ў Карэліцкай раённай бібліятэцы гадзіна гістарычнай памяці “І зноў пяе душа…” да 110-годдзя з дня нараджэння Алеся Мілюця, зладжаная супрацоўнікамі ўстановы і Карэліцкага раённага краязнаўчага музея.

Адкрыла сустрэчу кранальнай музычнай кампазіцыяй на цымбалах выкладчыца дзіцячай школы мастацтваў Святлана Мікалаеўна Гавіна. Добрымі словамі і падарункамі прывітала гасцей начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Іна Міхайлаўна Санчук“Мы шчыра радыя бачыць вас на карэліцкай зямлі. Гэта знакавая падзея, якая, спадзяемся, стане пачаткам нашага плённага супрацоўніцтва. Сёння тут прысутнічае шмат карэліцкай моладзі, а значыць яны змогуць больш глыбока пазнаёміцца з творчасцю таленавітага земляка. Бо сувязь паміж пакаленнямі павінна быць непарыўнай, а духоўная спадчына – зберагацца і прымнажацца”.

У сваю чаргу Наталля Ярашэвіч пажадала юным карэліччанам ганарыцца сваімі каранямі і абавязкова вывучаць гісторыю роднага краю і сям’і.

“40 год мы не ведалі, што сталася з Алесем Мілюцем на Вялікай Айчыннай вайне, але ніколі не пакідалі надзею на тое, што абавязкова знойдзем адказ, – са слязамі на вачах расказвала Ірына Яўгеньеўна Іванова– А, між тым, наш продак гераічна загінуў на фронце ва Усходняй Прусіі і быў пахаваны ў брацкай магіле ў Калінінградскай вобласці. Мы зробім усё, каб памяць пра Алеся Мілюця жыла сярод людзей. Ён быў асаблівым чалавекам з вялікім і спагадлівым сэрцам, шчырым і самабытным паэтам, які, меўшы толькі два гады школы за плячыма, змог напісаць такія чароўныя і глыбокія вершы, напоўненыя любоўю да людзей і да роднай зямлі”. Дарэчы, дзякуючы супрацоўнікам бібліятэкі, прысутныя змаглі падчас гадзіны гістарычнай памяці пачуць гэтыя творы.

Напрыканцы сустрэчы родзічы Алеся Мілюця ўручылі памятныя падарункі арганізатарам мерапрыемства – раённай бібліятэцы і краязнаўчаму музею, а таксама дамовіліся пра тое, што разам прыкладуць намаганні, каб у Скорычах у роднай хаце Алеся Мілюця з’явіўся музей паэта.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота і відэа аўтара

Алесю Мілюцю

Аб табе дазналася так позна!..
Я нават і не думала раней,
Што прадзед мой – паэт і творца
І што загінуў ты на жудаснай вайне…
Цябе я паважаю і шаную,
Хачу табе даніну памяці аддаць…
Прабач, што я – на “ты”, але душа з душою
Інакш ніяк не можа размаўляць.
Словы ўсе твае жывуць у маім сэрцы,
Не могуць не крануць душы яны.
Закончыць паспрабую ўсё, што не паспеў ты,
Усё, што так хацеў зрабіць ты… да вайны…
Шкада: няма цябе са мною побач зараз,
А я хачу табе аб шмат чым расказаць…
Хачу, каб мяне чуў ты. І гэта мая мара.
Заўсёды буду помніць цябе і шанаваць!

Наталля Ярашэвіч, 2003 г.

♫🍁 ФОТАГАЛЕРЭЯ 🍁♫

Обсуждение закрыто.