У Карэліцкай раённай бібліятэцы адбылася сустрэча з нашчадкамі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Пятра Данілавіча Яханта

У сваёй прамове-звароце старэйшая ўнучка ветэрана Ларыса Вікенцьеўна Буляк адзначыла, што сёння на сустрэчу прыйшлі прадстаўнікі трох пакаленняў іх вялікай сям’і. Усе яны ганарацца дзядулем, які прайшоў праз выпрабаванне вайной і не аднойчы быў удастоены высокіх дзяржаўных узнагарод. Нашчадкі шануюць памяць пра Пятра Данілавіча.
На развітанне Ларыса Вікенцьеўна пажадала школьнікам ніколі не даведацца, што такое вайна. А таксама адзначыла, што такія сустрэчы вельмі важныя для падрастаючага пакалення, яны дапамагаюць выхоўваць у дзецях дух патрыятызму, любоў да Радзімы.

 

 

Дырэктар Карэліцкага раённага краязнаўчага музея Ларыса Кузьміч выказала словы ўдзячнасці нашчадкам Пятра Данілавіча, якія нядаўна перадалі ў раённы музей асабістыя рэчы і ўзнагароды ветэрана. Яна расказала гасцям імпрэзы пра жыццё Пятра Данілавіча Яханта.

– Нарадзіўся ў 1924 годзе ў вёсцы Сянежыцы Навагрудскага раёна. Калі споўнілася дваццаць гадоў, трапіў на вайну. Баявое хрышчэнне атрымаў у 1944 годзе ў гаўбічна-артылерыйскім палку. У сакавіку 1945 года за хуткасць забеспячэння агню прамой наводкай, у выніку чаго знішчыў варожы кулямёт і дом, у якім размяшчаўся гарнізон ворага, быў узнагароджаны медалём “За адвагу”. Яшчэ адзін такі медаль атрымаў у маі гэтага ж года за тое, што забяспечыў хуткі тэмп вядзення агню, у выніку чаго былі знішчаны дзве кулямётныя кропкі і падарваны два дамы, у якіх хаваліся аўтаматчыкі. На жаль, у гэты раз ён быў сур’ёзна паранены і доўгі час лячыўся ў шпіталі.

Рабяты з цікавасцю слухалі аповед пра тое, як ён ваяваў, быў паранены і з асколкам у грудзях дажыў да 91 года. Дзеці мелі магчымасць разгледзець узнагароды гэтага сапраўды вялікага чалавека і пазнаёміцца з сучаснымі фотаздымкамі ветэрана і яго сямейнікаў.

 

 

Пасля мерапрыемства прагучалі словы ўдзячнасці сваякам Пятра Данілавіча за цёплую сустрэчу, на якой на прыкладзе адной сям’і карэліччан паказана сувязь мінулага і будучыні.

Обсуждение закрыто.