Да 125-годдзя ўраджэнца Карэліцкага раёна Мікалая Ільінскага — беларускага драматурга, акцёра, тэатральнага дзеяча

Ільінскі Мікалай Канстанцінавіч – беларускі драматург, акцёр, тэатральны дзеяч.  Ураджэнец г.п. Мір Карэліцкага раёна. Брат Аляксандра Канстанцінавіча Ільінскага, беларускага савецкага акцёра тэатра і кіно. У 2024 годзе адзначаецца 125-годдзе з дня яго нараджэння.

Нарадзіўся 21 сакавіка 1899 г.  у сялянскай сям’і. Скончыў Навагрудскую гімназію, вучыўся ў Беларускай драматычнай студыі ў Маскве, БДУ, Маскоўскім тэхнікуме кінематаграфіі. Служыў у Чырвонай Арміі.

Акцёрскую дзейнасць пачаў у Першым таварыстве беларускай драмы і камедыі. З 1925 г. працаваў у Інбелкульце сакратаром тэатральнай падсекцыі (Інстытут беларускай культуры), а з 1926  года ў Беларускім таварыстве драматычных пісьменнікаў і кампазітараў (з’яўляўся намеснікам адказнага сакратара), у Беларускім першым дзяржаўным тэатры. У 1930-ыя гады загадчык літаратурнай часткі Беларускага другога драматычнага тэатра. Выконваў эпізадычныя характарныя ролі: Базыль Руды (“У ліпнёвую ноч” Б. Гарчынскага), Дазорца парабкаў (“Каваль-выявода” Е. Міровіча), карчмар Шыман (“Панскі гайдук” Н. Бываеўскага) і інш. Аўтар п’ес на актуальную тагачасную тэматыку: “Лес цёмны” (паст. 1926 г.), “На прадвесні” (паст. 1928 г.), “Вясна” (паст. 1932 г.). Меў псеўданім Лапаць-старэйшы.

Забіты ў 1943 годзе ў а купаваным немцамі Мінску. Дата смерці і месца пахавання невядомыя.

Алена МАКАРЧЫК, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка»

Па матэрыялах адкрытых інтэрнэт-крыніц

Обсуждение закрыто.