Помнить, чтобы не повторилось. В Кореличах прошло мероприятие в память об узниках концлагерей

Фашызм — жахлівы тэрмін, які праз гады прымушае задумацца і ўспомніць пра падзеі даўно мінулага часу. 11 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. У гэты дзень грамадства звяртаецца да гістарычных падзей, якія мелі месца на нашай зямлі.

У Карэліцкім краязнаўчым музеі прайшло мерапрыемства, прымеркаванае да гэтай даты. Старшы навуковы супрацоўнік музея Аляксей Караян расказаў гасцям гісторыю значнай даты. Менавіта ў гэты дзень у 1945 годзе вязні Бухенвальда на чале з інтэрнацыянальным палітычным цэнтрам паднялі ўзброенае паўстанне, у выніку якога захапілі лагер і ўтрымлівалі яго да прыходу саюзных войскаў. У 1958 годзе тут быў адкрыты комплекс збудаванняў, прысвечаны ахвярам і героям Бухенвальда.

Асаблівую ўвагу прамоўца надаў канцэнтрацыйным лагерам, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі, успомніў самыя буйныя з іх, якія знаходзіліся ў Мінску, Азарычах, Калдычэве і іншых населеных пунктах.

Завяршаючы мерапрыемства, выконваючы абавязкі пракурора Карэліцкага раёна Максім Купрыян адзначыў:

— Важна памятаць пра тыя жахлівыя падзеі, якія адбываліся за калючым дротам канцлагераў, пра тых, каго закатавалі, расстралялі, спалілі карнікі, над кім яны ставілі свае бесчалавечныя вопыты. Калі мы зможам  захаваць памяць аб гэтым, мы зможам супрацьстаяць спробам дэструктыўных сіл перапісаць гісторыю і прынізіць значэнне савецкіх салдат — нашых дзядзуль і прадзедаў, сапраўдных герояў — у дасягненні Перамогі, і, самае галоўнае, усімі сіламі пастараемся не дапусціць паўтарэння той страшнай вайны.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара

Обсуждение закрыто.