Кореличчане побывали на дне рождения города-побратима Красногорска

Сяброўскія адносіны паміж Карэлічамі і гарадской акругай Краснагорск змацаваныя гадамі сумеснай плённай працы. Кожны год рабяты з Расійскай Федэрацыі прыязджаюць на Карэліччыну, знаёмяцца з культурай нашага раёна, адпачываюць у аздараўленчым лагеры «Вясёлка». Карэліччане, у сваю чаргу, таксама наведваюць краснагорскіх сяброў і кожны раз прывозяць адтуль мора станоўчых эмоцый і прыемных успамінаў.

1-3 верасня творчая дэлегацыя Карэліцкага раёна наведала горад-пабрацім, дзе прыняла ўдзел у святочных мерапрыемствах, прымеркаваных да 91-гадовага дня нараджэння гарадской акругі. Удзельнікі народнага ансамбля песні “Забава” Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці, мастацкім кіраўніком якога з’яўляецца Ірына Бондарава, выступілі на дзвюх святочных пляцоўках міжрэгіянальнага фестывалю нацыянальных культур “АртФолк Расіі”.

— Расійскія сябры зладзілі для нас насычаную праграму з наведваннем знакавых аб’ектаў Краснагорска і горада Масквы, — распавядае начальнік сектара культуры Карэліцкага райвыканкама Наталля Шпакоўская. — Пасля паездкі засталося мноства добрых эмоцый і ўражанняў. Асабліва спадабалася прагулка па Маскве і наведванне Краснай плошчы. Хочацца выказаць вялікую падзяку адміністрацыі і ўсёй камандзе арганізатараў святаў Краснагорску за запрашэнне. Спадзяюся, што нашы сяброўскія адносіны з кожным годам будуць толькі мацнець!

— Улічваючы пажаданні нашых сяброў з Краснагорска, мы прадставілі гледачам горада наш нацыянальны каларыт, нашу народную творчасць, — расказвае кіраўнік народнага ансамбля песні «Забава» Ірына Бондарава. — Мяркуючы па ўсмешках і апладысментах гледачоў, магу з упэўненасцю сказаць, што “Забава” годна прадставіла наш раён на фестывалі. У зале знаходзіліся нават тыя, хто падпяваў, хоць рэпертуар у нас быў выключна на беларускай мове. Ва ўсіх удзельнікаў калектыву засталіся толькі станоўчыя эмоцыі і самыя яркія ўражанні. Выдатна, што наша сяброўства з году ў год толькі мацнее. Мы спадзяемся працягваць і ў далейшым наша цікавае і плённае творчае супрацоўніцтва. Жадаем усім жыхарам Краснагорска поспехаў ва ўсіх пачынаннях, а арганізатарам арт-фолк фестывалю — творчых перамог і адкрыцця новых талентаў.

 

Сяргей СТОЛЯР

Фота прадастаўлена сектарам культуры Карэліцкага райвыканкама

Обсуждение закрыто.