Председателем Кореличского районного Совета депутатов избран Алексей Гаврош

4 сакавіка адбылася першая сесія Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання. На парадку дня  – абранне старшыні дэпутацкага корпуса Карэліччыны.

У рабоце сесіі  прынялі ўдзел старшыня Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Генадзій Шатуеў, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта,  члены райвыканкама, старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў.

Адкрыў сход старшыня Карэліцкай раённай выбарчай камісіі Яўген Чычкан. Ён адзначыў,  што выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання ў Карэліцкім раёне прайшлі ў спакойнай абстаноўцы пры высокай актыўнасці насельніцтва і ў строгай адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь. 73,09% выбаршчыкаў Карэліччыны рэалізавалі сваё канстытуцыйнае права па вызначэнні складу мясцовых Саветаў дэпутатаў. Фактаў парушэнняў, якія паўплывалі на вынікі галасавання, не зафіксавана.

Вынікі выбараў сведчаць аб даверы большасці насельніцтва раёна мясцовым органам улады.

Раённая выбарчая камісія зарэгістравала 26 дэпутатаў Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў.  У ліку народных абраннікаў – 8 жанчын і 18 мужчын. У склад дэпутацкага корпуса ўвайшлі прадстаўнікі розных сфер дзейнасці.

Яўген Чычкан ад імя  раённай выбарчай камісіі павіншаваў народных выбраннікаў, пажадаў  ім  паспяховай працы на карысць жыхароў Карэліцкага раёна.

Затым адбылося прызнанне паўнамоцтваў абраных дэпутатаў раённага Савета дэпутатаў 29-га склікання, і дэпутаты перайшлі да аднаго з найважнейшых пунктаў парадку дня — абрання старшыні раённага Савета дэпутатаў новага склікання.

Згодна з парадкам дня першай сесіі Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання, згодна з артыкулам 21 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”, народныя абраннікі правялі тайнае галасаванне па выбарах старшыні. Была прапанавана кандыдатура  начальніка аддзела ўнутраных спраў Карэліцкага райвыканкама Аляксея Іванавіча Гаўроша.

Алена Пасюта, звяртаючыся да прысутных у зале, адзначыла, што вопыт працы Аляксея Іванавіча дае ўсе падставы для таго, каб падтрымаць яго кандыдатуру.

Дэпутат Ярэміцкай выбарчай акругі  Сяргей Барычэўскі дадаў:

—  Аляксей  Іванавіч  дваццаць сем гадоў адслужыў у органах унутраных спраў. У 2019 годзе  быў прызначаны начальнікам РАУС Карэліцкага райвыканкама. За гады службы  Аляксей Іванавіч зарэкамендаваў сябе выключна са станоўчага боку, ён зможа аб’яднаць дэпутатаў і накіраваць іх дзейнасць на развіццё раёна.

У выніку падліку галасоў   старшынёй Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання абраны  Аляксей Іванавіч Гаўрош.

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Генадзій Шатуеў  павіншаваў Аляксея Іванавіча з абраннем кіраўніком дэпутацкага корпуса раёна:

  • Папярэднім складам дэпутацкага корпуса раёна, былым старшынёй раённага Савета дэпутатаў Аляксандрам Шкадавым зроблена нямала для развіцця нашага рэгіёна. Але яшчэ больш трэба будзе выканаць вам, зноў выбранаму дэпутацкаму корпусу, каб добраўпарадкаваць наш край, зрабіць жыццё карэліччан больш якасным і камфортным.

Генадзій Мікалаевіч  выказаў упэўненасць у тым, што праца  ў камандзе будзе плённай і выніковай.

Аляксей Гаўрош падзякаваў за аказаны давер і адзначыў, што разам трэба будзе многае зрабіць  для далейшага сацыяльна-эканамічнага развіцця Карэліцкага краю і краіны ў цэлым.

Намеснікам  старшыні раённага Савета дэпутатаў выбрана  галоўны ўрач УАЗ “Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца”,  дэпутат Карэліцкай выбарчай акругі № 7 Данута Скварада.

Таксама ў ходзе сесіі выбраны і  ўтвораны пастаянныя камісіі, вызначаны іх склад і кіраўнікі, сфарміраваны Прэзідыум раённага Савета дэпутатаў.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара

Обсуждение закрыто.